Дзень роднай мовы

Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што свет даўно не вузкі!
…Ды калі ты не бязродны сын -
Гавары са мной па-беларуску!

Я. Янішчыц

21 лютага наш ліцэй традыцыйна святкаваў Дзень роднай мовы.З самай раніцы стартавала акцыя «Размаўляем па-беларуску». Кожны настаўнік і вучань атрымалі папяровыя валошкі, на якіх былі напісаны беларускія словы.

Вучні з задавальненнем падтрымалі акцыю і прынялі актыўны ўдзел у выразным чытанні на памяць вершаў і нават урыўкаў з празаічных твораўбеларускіх аўтараў. Добрым прыкладам для ліцэістаў паслужыла выступленне Ірыны Мікалаеўны Акуленка, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, якая прачытала байку К. Крапівы «Дыпламаваны баран».

На ўроках беларускай мовы вучням прапанавалі напісаць міні-сачыненне на тэму «Мая родная мова». Вынікі атрымаліся вельмі цікавыя. Вучаніца 11 «Г» класа Ганна Саўчук задавала «сённяшнім беларусам» пытанне: якую мову яны (беларусы) лічаць роднай? І сама давала адказ: «Калі спытаць у мяне, я адкажу, што мая родная мова – беларуская. Чаму я так лічу? Таму што расла пад гукі беларускай мовы, якія даносіліся са старога бабулінага радыё, таму што бабуля ўвесь час размаўляла па-беларуску і бацькі мае лічаць беларускую мову роднай».

Максім Маршоў (вучань таго ж 11 «Г» класа) прызнаўся, што роднай для яго з’яўляецца руская мова, бо «родная мова – гэта тая, на якой узнікаюць думкі». Але, па словах Максіма, захапленне выклікае мілагучнасць і ласкавасць беларускай гаворкі.

Вучаніца 10 «А» класа Кавалёва Кацярына адзначыла: «Сапраўднай праблемай з’яўляецца тое, што людзі не карыстаюцца матчынай мовай. На жаль, пачуць жывыя беларускія словы можна толькі на ўроках беларускай мовы і літаратуры». Кацярына патлумачыла праблему з пункту гледжання ўплыву гістарычных фактараў.

Вельмі радуе тое, што кожны вучань разумее сваю адказнасць за лёс беларускай мовы, за яе будучыню. Поспехаў вам, маладыя беларусы!

Святлана Аляксандраўна Харытончык,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

 

Выбор языка

Актуально

Телефоны

Общенациональные «телефоны доверия»
Республиканский центр психологической помощи
«Телефоны доверия»
г. Гомеля
«Телефоны доверия»
Гомельской области